Министерство образования Республики Беларусь
Управление по образованию Слуцкого райисполкома
Государственное учреждение образования
«Весейская средняя школа»
Эсэ “Помнім, ніколі не забудзем”
Той скрываўлены ранак быў чорны ад едкага дыму,
І дрыжэла зямля ад смяротнага стогну ахвяр.
Боль пякучы ў сэрцах стрымайце, беражыце Радзіму,
Каб ніколі не выбухнуў новы ваенны пажар!
(Радкі на мемарыяльным помніку)
Вясной мяне ўражваюць гукі. Кожны дзень у гэты аркестр прыроды ўліваюцца новыя мелодыі. Спачатку нясмела абвяшчае аб заканчэнні халодных дзён сінічка. Потым звіняць ручайкі, а пасля да іх далучаюцца радасныя спевы птушак.
Якое гэта шчасце! Кожную хвіліну свайго існавання адчуваць, што мы жывём у мірнай краіне, чуем усю яе прыгажосць, а не выбухі снарадаў, жахлівыя гукі самалётаў з чорнымі крыжамі.
Калі гляджу па тэлебачанні кінастужку пра той ваенны час, задаюся пытаннем: якімі былі гэтыя людзі, што першымі прынялі бой? Аб чым марылі? Магчыма, мужна змагаючыся, выконваючы загад па ахове нашай Радзімы, яны не лічылі сябе героямі, а проста ішлі ў бой. Рызыкуючы сваім жыццём, абаранялі родных і блізкіх.
Я думаю, што ў нашай краіне няма такой сям’і, якую б не кранула вайна. Дзядуля майго таты, Палазнік Іван Дзмітрыевіч, таксама быў на вайне. Дзякуй Богу, вярнуўся. Але, як успамінае бабуля, часта хварэў: вайна забрала здароўе. Так, вайна асіраціла не адну сям’ю, яна доўгі час забірала бацькоў, сыноў, братоў…
У памяці народнай навечна застануцца абаронцы Брэсцкай крэпасці, ахвяры Хатынскай трагедыі, вязні лагераў, усе, хто не вярнуўся. Тата расказваў мне, што кожны год 9 мая дзядуля чакаў як самае дарагое свята. Дзень Перамогі для ветэранаў сапраўды самы галоўны дзень, які быў здабыты вельмі цяжка. Калі пачынаюць зіхацець бела-ружовай квеценню сады, ветэраны апранаюць сваю ваенную вопратку, на якой звіняць медалі, і сустракаюцца звычайна каля помнікаў загінуўшым воінам. Абдымаюць адзін аднаго, віншуюць са святам, ускладваюць кветкі і ўспамінаюць… Многіх нашых аднавяскоўцаў ужо няма, але з пакалення ў пакаленне перадаюцца іх успаміны з вуснаў у вусны. Каб помнілі, не забывалі і цанілі мір на зямлі.
У нашай вёсцы ўжо няма герояў вайны. Хутка мы будзем адзначаць 75-годдзе Перамогі. Традыцыя працягваецца. Вучні нашай школы, аднавяскоўцы абавязкова збяруцца каля помніка, на якім напісаны імёны ўсіх, хто аддаў сваё жыццё дзеля нашага мірнага блакітнага неба. Толькі кветкі на гэты раз мы не ўручым нашым ветэранам, а пакладзём на гранітную пліту. Нічога не зробіш, час ідзе. Галоўнае зараз – наша памяць і ўдзячнасць.
Заўтра надыдзе новы дзень. Выйшаўшы на вуліцу, я буду сустракаць птушыныя кліны, што вяртаюцца з далёкага выраю да родных гнёздаў. Мяне чакаюць новыя адкрыцці, сустрэчы з сябрамі, мая сям’я.
Хутка Радзіма пакліча мяне абараняць, берагчы і ахоўваць яе мірныя рубяжы. Я з гонарам гэта выканаю, як мой прадзед, дзед, бацька. І яшчэ я вельмі спадзяюся, што мой унук працягне складаць свой радавод у мірнай краіне і будзе шчаслівы.
А шчасце… Яго не трэба шукаць. Яно заўсёды побач. Учора я ішоў шчаслівы са школы, бо нёс у дзённіку, нарэшце, дзявятку па хіміі. Сёння ўбачыў прылёт буслоў і першыя пралескі… Жыццё прадаўжаецца.
Зямля мая , квяцісты край,
Пад зорным небам птушкаю лунай.
Не ведай болей войнаў, болю, слёз,
Бо заслужыла ты шчаслівы лёс.
свернуть